Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Шляхі станаўлення Юравіцкай сярэдняй школы

Дата: 28 января 2016 в 14:17, Обновлено 23 октября 2023 в 01:02
Автор: Гарист Н. А.

Юравіцкая сярэдняя школа:

шляхі станаўлення

  Адкрыццё першай школы ў Юравічах звязана з распаўсюджаннем іезуіцтва на Беларусі. Вядома, што мястэчка Юравічы  ў другой палове ХVIII стагоддзя стала  цэнтрам каталіцызму на Мазыршчыне. Як сведчаць летапісы,  пасля ўзвядзення Юравіцкага касцёла ў мястэчку адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога згарэў драўляны будынак місіі “… з трыма павільёнамі і агароджай, службовымі памяшканнямі.  …У новым будынку размяшчалася школа, у якой ацец Міхаіл Беллі навучаў граматыцы, але ў яе хадзіла мала вучняў. Школа належала Мазыру, павятоваму гораду, у той час… праз 1-2 гады у Юравічах была адкрыта школа больш высокага тыпу- гуманітарная. У ёй вучылі два магістры, пры школе была бурса  для мужыкоў.  Юравіцкая школа  залежала ад сярэдняй школы ў Оўручы, так як сама была школай ніжэйшай ступені”.

У 1832 годзе ў адпаведнасці з указам Мікалая I  касцёл у Юравічах быў закрыты. Разам з  ім сваю дзейнасць прыпыніла і школа або калегіўм, як яе тады называлі.

Гісторыка-статыстычнае апісанне дзевяці паветаў Мінскай губерні.

З “Прац Мінскага губернскага статыстычнага камітэта” выпуск I, Мінск 1870 г. с. 420 значыцца: “у 1864 годзе пры зацвярджэнні Дырэкцыі народных вучылішчаў у Рэчыцкім павеце было адкрыта 15 народных вучылішчаў, у тым ліку ў Брагіне, Хойніках. Лоеве, Ліпаве, Юравічах…”

Мужчынскае народнае вучылішча размяшчалася ў царкоўным доме. У 1875 годзе тут жа адкрылася жаночае народнае вучылішча для навучання 19 дзяўчынак.

Пры вучылішчах  1878 г. былі адкрыты школа кавальскага майстэрства і школа жаночага рукадзелля.

Дзейнасць школы ў мястэчку Юравічы аднавілася ў 1865 годзе, пасля зацвярджэння Дырэкцыі народных вучылішч у Рэчыцкім павеце. У народным аднакласным чатырохгадовым вучылішчы тады навучалася каля 30 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак мясцовага насельніцтва.  Вось што ўспамінае аб тых днях вучаніца гэтай школы (з 1876 па 1881 гг.) Кацярына Міканораўна Целеш, успаміны якой беражліва захоўваюцца ў мясцовым школьным музеі: “На першым гаду вучобы ў класе было да 20 дзяўчынак, а да чацвёртай зімы засталося вучыцца толькі 5 з іх. Звычайна дзяўчынкі хадзілі ў школу толькі адну зіму. Хлопчыкаў вучыў настаўнік (памятаю, звалі яго Клім), а дзяўчынак – настаўніца, жонка Кліма – Кацярына. Заняткі працягваліся ўвесь дзень дзяцей навучалі закону Божаму. Раніцай і вечарам – малітва. Вучылі рускаму і царкоўна – славянскаму чытанню, пісьму, арыфметыцы, спевам. Школа ўтрымлівалася часткова за кошт дзяржавы. За дробязныя парушэнні паводзін білі вельмі жорстка, асабліва па руках”.

Аднакласнае народнае вучылішча праіснавала ў Юравічах да 1905 года. Восенню гэтага года тут былі адкрыты два народных вучылішчы – мужчынскае і жаночае. У  першым было 45 хлопчыкаў, у другім – 43 дзяўчынкі. Навучалі іх Міхаіл Іванавіч Рыбцовіч і Елізавета Аляксандраўна Буруковіч, закон Божы выклаў мясцовы свяшчэннаслужыцель, бацька Елізаветы Аляксандраўны – Аляксандр Біруковіч.

З 1911 года загадчыкам Юравіцкага мужчынскага народнага вучылішча стаў ссыльны настаўнік Іларыён Мікітавіч Пруднікаў, які абвінавачваўся ў тым, што рэдка з вучнямі наведваў царкву. Дзеці вельмі любілі свайго настаўніка, яны заўсёды бачылі яго з кнігамі, шмат чытаў з дзецьмі. Ён вучыў іх іграць на скрыпцы, гармошцы, балалайцы, нават на жалейцы. Рабіў дзецям дудкі з чароту або лазы. за настаўнікам дзеці хадзілі ўсюды і заўсёды – успамінае ў сваіх пісьмах школьнаму музею жонка Іларыёна Мікітавіча Марыя Маркаўна Пруднікава, якая ў далейшым стала вядомым педагогам, Заслужанай настаўніцай школ БССР, была ўзнагароджана ордэнам Леніна. У 1914 годзе Пруднікава забралі на фронт і загадчыцай двухкласнага вучылішча ў Юравічах прызначылі Марыю Маркаўну, якая і навучала местачковых дзяцей тут да 1916 года.

У гэты перыяд на грамадскіх началах у мястэчку Юравіч існавала гімназія, якая ў 1922 годзе была ператворана ў працоўную школу.

На 1925-1926 навучальны год у Юравічах налічвалася тры школы: Юравіцкая семігодка (301 школьнік), польская школа (29 школьнікаў), і яўрэйская (116 школьнікаў).

У складзе  педагагічнага савета Юравіцкай сямігодкі былі не толькі выкладчыкі школы. Ён складаўся з 13 чалавек. З іх - 8 настаўнікаў, ад валаснога выканаўчага камітэта – 1, ад ячэйкі РКП (б) – 1, ад ячэйкі РЛКС – 1, ад бацькоў – 1 і ад сельвыканкама -1.

Па нацыянальнаму і сацыяльнаму складу вучні сямігодкі ў 1925 годзе разлічаліся наступным чынам: усяго ў групах 301 чалавек. З іх хлопчыкаў – 158, дзяўчынак 143. Па  сацыяльнаму складу: сялян – 196, рабочых – 6, служачых – 26, самаслужнікаў – 40, гандляроў – 13, іншых – 24. Па нацыянальнаму: рускіх – 9, беларусаў – 179, яўрэяў – 100, палякоў – 13.

З цеплынёй успамінаюць аб былых сваіх настаўніках вучні. Вось што пісаў аб іх палкоўнік у адстаўцы, герой Вялікай Айчыннай вайны  Іван Сяргеевіч Целеш, які вучыўся ў вучылішчы з 1911 па 1914 год : “Закон быў у маіх настаўнікаў такі – калі чытаеш карціну па кнізе, памятай, што Шышкін, Рэпін – вялікія мастакі, што яны моцна любілі Радзіму, яе прыроду, народ. Такі вучань мог карыстацца кнігамі з уласнай бібліятэкі Марыі Маркаўны і слухаць вечарамі апавяданні з жыцця дзекабрыстаў, ён меў права начаваць на канапе ў настаўніцкай”.

А вось што ўспамінаў аб сваёй вучобе Міхаіл Якаўлевіч Хамяк: “Я вучыўся ў народным вучылішчы ў Юравічах з 1911 па 1914 гг. Вучыўся добра. Нярэдка Іларыён Мікітавіч пасылаў мяне вучыць вучняў малодшых аддзяленняў. Я ім чытаў, расказваў, а  дзеці за мной хорам паўтаралі. Закончыў народнае вучылішча я на “добра”. Па  рэкамендацыі настаўнікаў бацькі аддалі мяне вучыцца ў гімназію. У Юравічах існавала таксама гімназія (на грамадскіх пачатках). Закончыў я толькі першы курс гімназіі, а  потым мне прыйшлося пакінуць вучобу, так як бацькам не было чым плаціць за яе”.

У 1917 годзе ў Юравічах адкрываецца народная школа, у якой  было чатыры класы. Настаўнікам за работу плацілі хлебам. Быў вельмі цяжкі час: рэвалюцыя, грамадзянская вайна, акупацыя. Школа працавала з перапынкамі, як толькі наступала зацішша, заняткі ізноў аднаўляліся. Пасля ўсталявання поўнага міру ў Юравічах пачала працаваць адзіная працоўная школа II ступені (4 гады навучання). Загадчыкам школы быў А.П. Планчанка, настаўнічалі тады Ю.Ю. Попель, Парэчны, Гаховіч і іншыя. Школа размяшчалася на гары, у былым панскім маёнтку.

Настаўнікамі ў гэты час працавалі М.М. Кавалёў, В.І. Тарнаўская, І.В. Каленік, А.С. Касьян, У.А. Грыневіч і інш.

З 1946 года дырэктарам школы быў прызначаны Барыс Самуілавіч Катцэн, завучам – Іван Мікалаевіч Буглак.

Першы пасляваенны выпуск Юравіцкай сярэдняй школы ў 1949 г. Атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі 8 выпускнікоў. Цікава склаўся лёс гэтага выпуску. Сямёра выпускнікоў прысвяцілі жыццё педагагічнай дзейнасці – сталі настаўнікамі. Гэта Л.І. Гарчанка, А.М. Луцкевіч, К.П. Давыдчык, В.І. Целеш, А.Р. Целеш, Ф.П. Пячэрскі, Я.Д. Паташка. Восьмы выпускнік – І.А. Манькоўскі – стаў інжынерам.

Сярод выхаванцаў школы першы намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Уладзімір Фёдаравіч Міцкевіч, акадэмік АН БССР Міхаіл Яфрэмавіч Мацанура, корпусны інжынер, палкоўнік у адстаўцы Іван Сяргеевіч Целеш.

Адсюль выйшлі адзін з камандзіраў Шчорсаўскай дывізіі, супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі Піліп Мікалаевіч; былы сакратар Гродзенскага абкома КПБ Рыгор Шостак, жанчына – актывістка Юлія Лагойская, Аляксандр Рыгоравіч Гарчанка; арганізатар падпольнай маладзёжнай групы ў гады вайны Васіль Рыгоравіч Ляўко.

Юравіцкая сярэдняя школа вырасціла выдатную плеяду педагогаў. У іх ліку Заслужаная настаўніца школ БССР Яўгенія Паўлаўна Малюгіна, выдатнікі народнай асветы БССР Фёдар Андрэевіч Астапчук, Пётр Фёдаравіч Бяляй, Аляксандра Рыгораўна Гарчанка, Леанід Міхайлавіч Гарчанка, Міхаіл Рыгоравіч Дабравольскі, Ніна Антонаўна Паташка і многія іншыя.

За высокія поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ў 1965 годзе Юравіцкая школа Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР узнагароджана Ганаровай граматай  Вярхоўнага Савета БССР.

Сёння Юравіцкая школа ганарыцца тым, што многія выпускнікі сталі настаўнікамі і многія працуюць у сваёй роднай школе.

Жолуд Ала Леанідаўна – дырэктар школы

Гарыст Наталля Андрэеўна - намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

Стома Любоў Аляксандраўна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Хамякова Ганна Мікалаеўна - настаўніца матэматыкі

Чухалёнак Наталля Уладзіміраўна– выхавацель ГПД 

Бельская Тамара Фёдараўна – музычны кіраўнік

Паташка Наталля Леанідаўна – настаўніца пачатковых класаў

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.